Рухомыя беларускія народныя гульні
Заінька
Мэта: развіваць увагу, спрыт, каардынацыю рухаў, хуткасць рэакцыі.
Апісанне гульні: дзеці бяруцца за рукі і ўтвараюць круг. У сярэдзіне — заінька. Усе спяваюць:
Заінька бялюсенькі,
Заінька шарусенькі!
Праскачы у дзірачку
Ды не пабі спіначку!
На гэтыя словы зайчык імкнецца выскачыць з круга, але дзеці не пускаюць і хутка прысядаюць, як толькі ён набліжаецца да каго-небудзь з іх.
Пасля гэтага дзеці спяваюць далей:
Заінька, павярніся,
Шэранькі, павярніся!
Тупні ножкай, паскачы
Ды ў далоні запляшчы!
Пры заканчэнні песні ўсе павінны запляскаць у далоні. Гэтым момантам карыстаецца зайка: ён хапае каго-небудзь з дзяцей і хутка становіцца на яго месца. Той, хто застаўся без месца, павінен выконваць ролю заінькі.
Правілы гульні: пры пабліжэнні заінькі ігракі павінны хутка ўзяцца за рукі, калі яны не паспеюць зрабіць гэтага, той, да каго дакрануўся зайчык, займае яго месца.
Лясь, лясь, уцякай!
Мэта: удасканальваць навыкі бегу, мяняючы тэмп і напрамак. Развіваць спрыт, хуткасць.
Апісанне гульні: дзеці ходзяць па пляцоўцы, збіраюць кветкі, плятуць вянкі. Некалькі дзяцей выконваюць ролю конікаў, яны стаяць у баку на некаторай адлегласці ад дзяцей. На словы:
Лясь, лясь, уцякай!
Цябе коні стопчуць.
А я коней не баюся
Па дарозе пракачуся.
дзеці ўцякаюць, конікі скачуць на палачцы і імкнуцца дагнаць іх.
Пры паўторы гульні дзеці і конікі мяняюцца ролямі.
Правілы гульні: уцякаць патрэбна толькі пасля слова «пакачуся», ігрок, якога дагоніць конік, часова выбывае з гульні.
Грушка
Мэта: ўдасканальваць навыкі бегу з выкрутамі, уменне хутка арыентавацца ў наваколле.
Апісанне гульні: дзеці ўтвараюць круг, у сярэдзіне якога знаходзіцца дзяўчынка ці хлопчык. Гэта і ёсць «грушка». Дзеці ідуць у карагодзе вакол грушкі і спяваюць:
Мы пасадзім грушку усе, усе,
Няхай наша грушка расце, расце.
Вырасці ты, грушка, вось такой вышыні,
Распусціся, грушка, вось такой шырыні!
Расці, расці, грушка, ды у добры час.
Маленькая (iмя) паскачы для нас.
А ўжо наша грушка распусцілася,
А наша (iмя) зажурылася.
А мы тую грушку весяліць будзем.
І ад нашай грушкі уцякаць будзем.
Правiлы гульнi: на апошнія два словы дзеці разбягаюцца, а “грушка” ловіць.Дзеці павінны выконваць танцавальныя рухі па зместу песні.
Вожык і мышы
Мэта: развіваць слухавую увагу, пачуццё мовы, уменне карыстацца рознай сілай голасу, цікавасць да беларускай спадчыны.
Апiсанне гульнi: па лічылцы выбіраюцца “вожык” і “мышы” (2-3).Астатнія дзеці становяцца ў кола і ідуць управа, а “вожык” ідзе ўлева. “Мышы” знаходзяцца па-за колам. Дзеці прыгаворваюць:
Бяжыць вожык – тупу-туп!
Сам калючы, востры зуб!
Вожык, вожык, ты куды?
Ад якой бяжыш бяды?
Спыняюцца.Прагаворваюць цішэй:
Вожык ножкамі туп-туп!
Вожык вочкамі луп-луп!
Навакол пануе ціш,
Вожык чуе ў лісці мыш.
“Вожык” ходзіць у коле, прыслухоўваецца. Дзеці гучна кажуць:
Бяжы, бяжы, вожык!
Не шкадуй ты ножак!
Ты лаві сабе мышэй,
Не чапай другіх дзяцей!
Правiлы гульнi: вымавіўшы апошнія словы, дзеці падымаюць у двух месцах рукі, утвараючы “вароты”. Вожык выбягае праз іх, пры гэтым стараецца злавіць каго-небудзь з “мышэй”.Тыя бегаюць дзе хочуць, пралазяць пад рукамі дзяцей. “Вожык” можа трапіць у кола толькі праз “вароты”.
Адгадай, чый галасок
Мэта: развіваць увагу на слых, памяць.
Апісанне гульні: дзеці ўтвараюць круг. Адзін з ігракоў становіцца пасярэдзіне яго і закрывае вочы. Дзеці гавораць:
Сталі ў круг, і – раз! два! тры!
Павярнуліся, сябры!
На апошнія словы ўсе паварочваюцца вакол сябе і спяваюць:
А як скажам — скок, скок, скок...
Словы «скок, скок, скок» — спявае ці гаворыць той, каму загадзя прапанаваў выхавальнік.
Адгадай, чый галасок?
Гэтыя словы спяваюць усе дзеці.
Дзіця, што стаіць у цэнтры з закрытымі вачамі, павінна адгадаць, хто праспяваў словы «скок, скок, скок», Той, каго пазналі, ідзе на сярэдзіну круга.