«Калядкі – добрыя святкі»
Фальклорнае свята «Калядкі – добрыя святкі» адбудзецца у ДАШКОЛЬНЫМ ЦЭНТРЫ РАЗВІЦЦЯ ДЗІЦЯЦІ № 30 г.Гродна 15.01.2016 у 10.00
Само слова "каляды" мае паходжанне ад лацінскага calendae, "календы" - назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і "каляндар"), а так сама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.
Да каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і. Да калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі, прыбраць жыллё. А вось замест звычайнай у нашые часы навагодняй яліны асноўным упрыгожаннем хаты таго часу быў сноп збожжа, які уносілі у хату ў першы дзень каляд і трымалі там да апошняга. Замест снапа магла быць і саламяная лялька, якая ўяўляла сабой нованароджаны год.
Каляды – свята вясёлае. Асаблівы святочны настрой стварала, мабыць, і тое, што да пачатку работ у полі – самы цяжкі час для нашых продкаў – было яшчэ далёка. Нават больш – на каляды нельга было рабіць ніякую працу, ані ткаць, праць, рыхтаваць дровы – можна было толькі весяліцца, каб падтрымаць сілы святла сваім настроем ды задорам. Працягваліся каляды прыкладна 2 тыдні, да Велесава дня, які прыходзіўся на 6-7 студзеня па сучасным стылі. Асаблівае месца ў святкаванні каляд адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і здароўе дзеля людзей і жывёл. Пад абрус на стол клалі сена, каторае пасля вячэры скормлівалі каровам, што павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надоеў малака. У кожнай, нават самай беднай, хаце на каляды даставалі з схованак мяса ды каўбасы, сала, арэхі, яблыкі, мёд. Ад галоўнай стравы калядаў – куцці (ячневая каша з дабаўленнем мёду, арэхаў, шкварак) – узялі назву тры абавязковыя святочныя вячэры. У першы дзень ладзілася "посная куцця" - на стале былі стравы з рыбы, гародніны, грыбоў, сушанай садавіны, мёду, і, канечне, тая самая ячневая каша-куцця з мёдам. Варылі яе таксама незвычайна, а другой гадзіне ночы старэйшая жанчына ў сям’і ішла ў свіран за зернем, а старэйшы мужчына – па ваду. Ваду і зерне нельга было чапаць да таго моманту, як будзе гатова печка. Нарыхтаванай такім чынам куцці надавалася асаблівае магічнае значэнне, яна павінна была надаваць усім здароўя, моцы, удачы. Пачынаў вячэру, як звычайна, гаспадар, акрамя таго за стол так ці інакш запрашаліся ўсе продкі. Рэшткі куцці падкідвалі пад столь, каб ячмень наступным годам урадзіў высокі. Пасля гэтага крупы скормлівалі хатнім птушкам. На асобнай талерачцы была і каша дзеля Зюзі, зімовага бога, каб улагодзіць яго, бо маразы ў перыяд каляд былі, бадай, самымі моцнымі за ўсю зіму. Гэты даволі распаўсюджаны звычай захаваўся ў некаторых краінах і па сённяшні дзень - традыцыя ставіць на новы год за акно талерачкі з зернем.