2 ліпеня - Дзень Вышыванкі
Вышыты нацыянальны арнамент – візітная картка беларусаў. Гэта не проста ўпрыгажэнне, а своеасаблівы шыфр, перададзены нам праз стагоддзі продкамі. Кожны ўзор у арнаменце – сімвал, які валодае магутнай энергетыкай і нясе пэўны пасыл. Здаўна арнаменты лічыліся аховай, у іх укладвалі станоўчы сэнс. Арнаменты працягваюць актыўна вывучацца сучаснымі навукоўцамі як найбагацейшая крыніца інфармацыі пра жыццё папярэдніх пакалення.
Павага да нацыянальных традыцый і самабытнасць беларусаў адлюстраваны ў дзяржаўнай сімволіцы нашай краіны: арнамент на беларускім сцягу ўказвае на старажытнае паходжанне беларускага народа, на традыцыі добрасумленнай працы, павагі да гісторыі і перадае непарыўную сувязь пакаленняў.
У нашы дні адзенне з традыцыйнай вышыўкай не толькі не страціла сваю актуальнасць, а становіцца па-сапраўднаму модным і ўсё больш папулярным у беларусаў. Выкарыстоўваючы яго ў паўсядзённым жыцці, мы дэманструем сваю нацыянальную і грамадзянскую пазіцыю, культурную адукаванасць і духоўную свядомасць, падкрэсліваем адзінства і згуртаванасць беларускага народа.