Беларускiя народныя гульнi.
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Інвентар: вяроўка.
Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрыту.
Выбіраюцца «журавы». Астатнія становяцца ў круг, трымаючы ў паднятых уверх руках вяроўку («сілкі»). Журавы, узмахваючы рукамі рухаюцца па зале, прабягаючы пад вяроўкаю і сярод удзельнікаў, якія ходзяць па крузе і спяваюць:
Сякі-такі
Журавель,
Журавель
Не еш маіх канапель, канапель.
Бо я табе, жураўлю, жураўлю,
Задам дыхту, як злаўлю, як злаўлю!
Па заканчэнні слоў (не раней!) дзеці апускаюць вяроўку, каб злавіць каго-небудзь з журавоў.
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрыту.
Гуляючыя пры дапамозе лічылкі:
Ты халодны, ты марозны,
Ты ў кажусе, ты ў латусе,
А ў цябе красны нос,
Гэта ты — дзед Мароз! —
.
выбіраюць «Мароза» і разбягаюцца па пляцоўцы. «Мароз» бяжыць за імі і стараецца дакрануцца да каго-небудзь рукой. Той, да каго ён дакрануўся, лічыцца «замарожаным», павінен спыніцца, развесці рукі ў бакі і замерці. Іншыя гульцы могуць «размарозіць» яго, пляснуўшы рукой па плячы. Перамагае «Мароз», які «замарозіў» большую колькасць гульцоў.
Кожныя 2—3 хвіліны выбіраецца новы «Мароз».
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрыту, хуткасці рэакцыі.
Гуляючыя выбіраюць «ката» па лічылцы:
Раз, два, тры, чатыры,
Ката грамаце вучылі:
Не чытаць, не пісаць,
А за мышкамі скакаць.
«Мышы» становяцца за «катом» у калону, якая рухаецца па пляцоўцы. Паміж «катом» і «мышамі» ідзе размова:
К о т. У стозе мышы ёсць?
Д з е ц і. Ёсць!
К о т. Мышы ката баяцца?
Д з е ц і. Не баяцца!
К о т. А я кот Катафей, разганю ўсіх мышэй!
«Мышы» разбягаюцца, а «кот» іх ловіць.
Заўвага: гульцы павінны знаходзіцца ў калоне да слоў «...разганю ўсіх мышэй» і дакладна, выразна вымаўляць тэкст.
Месца правядзення: спартыуная пляцоўка, лесапарк, луг.
Педагагічнае значэнне: практыкаваць у хадзе па крузе, узгадняючы рух са словамі, развіваць хуткасць, срыт, вынослівасць, рашучасць.
3 ліку тых, хто гуляе, выбіраецца дзяўчынка-«бярозка». Дзеці ходзяць па крузе, паклаўшы хустачкі на плячо, і спяваюць:
Бярозка белая,
Макаўка зялёная.
Летам махнаценькая,
Зімой сучкаваценькая,
Дзе яна стаіць,
Там і шуміць.
Дзяўчынка-«бярозка», што стаіць у крузе, пад песню забірае хустачкі, паднімае іх над галавой і, калі заспяваюць:
Бярозка зялёненькая,
Вясной вясёленькая,
Сярод поля стаіць,
Лісточкамі шуміць,
Грыміць, гудзіць,
Залатым вяночкам звініць, —
імітуе шум лістоў, рух галін — шамаціць сукенкай, махае над галавою хустачкамі. Пад прыгаворку: «А восенню карані ў бярозкі засынаюць, лісточкі ападаюць!» — «бярозка» абыходзіць карагод і кожнаму кладзе яго хустачку.
Варыянт: «бярозка» раскідвае «лісточкі», дзеці пад музыку бегаюць па зале. Калі музыка заканчваецца, дзеці падымаюць хустачкі, строяць круг.
Заўвага: хустачкі павінны ляжаць свабодна, каб дзяўчынка-«бярозка» змагла лёгка іх узяць.
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Інвентар: набор невялікіх прадметаў (рознакаляровыя кубікі, шышкі).
Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю ўвагі, назіральнасці, інтуіцыі.
Удзельнікі гульні становяцца спіной да вядучага і заплюшчываюць вочы. Вядучы хутка хавае прадметы ў розных месцах, гаворачы пры гэтым:
Прэла-гарэла,
За мора ляцела,
А як прыляцела,
Дык недзе і села.
Хто першы знойдзе,
Той сабе возьме!
Пасля гэтых слоў (не раней!) усе разбягаюцца па пляцоўцы і шукаюць схаваныя прадметы. Выйграе той, хто знойдзе больш за ўсіх прадметаў.
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Інвентар: вяроўка.
Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрытнасці, хуткасці рэакцыі.
Гульцы ствараюць круг з вяроўкі, у які і становяцца. Лавец, стаўшы спіной да круга на адлегласці 3—4 м, гаворыць: «Блін гарыць!» Усе выбягаюць з круга, але адразу ж імкнуцца забегчы ў яго зноў. Лавец у гэты час спрабуе запляміць (дакрануцца) каго-небудзь з гульцоў. Той, каго заплямілі, становіцца лаўцом, і гульня працягваецца.
Заўвага: лавец не мае права пляміць гульцоў, якія знаходзяцца ў крузе.
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрытнасці.
Два ўдзельнікі становяцца ў круг, астатнія — па-за ім. Адзін з гульцоў, што стаяць у крузе, штурхае другога ад сябе са словам «гуж», той выбягае з круга і пачынае лавіць астатніх. Усе ўцякаюць, а «гуж» ловіць іх. Калі «гуж» каго-небудзь зловіць, той ідзе ў круг і замяняе лаўца.
Калі на працягу 3 хвілін «гуж» нікога не зловіць, на дапамогу яму прыходзіць гулец, які застаўся ў крузе.
Месца правядзення: зала, пляцоўка.
Інвентар: абручы дыяметрам да 50 см, (на адно менш, чым гульцоў).
Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрыту.
Абручы раскладваюцца па крузе, і вакол іх становяцца гульцы. Адзін з гуляючых (вядучы) гаворыць такія словы:
Ты, Міхаська, не зявай, не зявай!
Лапаточкі абувай, абувай!
Гучыць беларуская народная мелодыя, гульцы, танцуючы, рухаюіта па крузе. Як толькі музыка заканчваецца, усе спыняюцца і стараюцца як мага хутчэй «абуць лапці» — заняць свабоднае месца ў адным з кольцаў. Гулец, які застаўся без «лапцей», выбывае з гульні. Пасля гэтага адзін абруч забіраецца. Гульня працягваецца да той пары, пакуль не застанецца адзін гулец. Ён і лічыцца пераможцам.
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Інвентар: мяч, абручы.
Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю спрытнасці, умення трапна кідаць мяч.
Кожны гулец (акрамя вядучага) малюе сабе маленькі кружок — «церамок» (або кладуць абручы). Вядучы, стоячы ўбаку, падкідае мяч угару. У гэты час усе гуляючыя мяняюцца «церамкамі», пе-рабягаючы з кружка ў кружок. Вядучы ловіць мяч і кідае ў гульца, які не паспеў перабегчы і заняць «церамок». Калі мяч трапіць у яго, вядучы становіцца ў свабодны «церамок», а няспрытны гулец пачынае вадзіць.
Заувага: нельга кідаць мяч у гульца, які паспеў заняць «церамок».
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Інвентар: гімнастычныя палкі па колькасці гульцоў
Педагагічнае значэнне: удасканальваць навыкі скачкоў на дзвюх або адной назе, вытрымку, вынослівасць.
У сярэдзіне пляцоўкі чэрціцца круг так, каб у ім свабодна маглі змясціцца ўсе гуляючыя — «конікі». Гульцы выбіраюць «шпака», які становіцца ў круг, «конікі» — за кругам. «Шпак», скачучы на дзвюх нагах, ловіць «конікаў», якія падбягаюць да круга, а пры набліжэнні «шпака» адбягаюць. Калі «шпак» не ўтрымаецца і выйдзе за межы круга, «конікі» павінны перамяшчацца скачкамі на дзвюх нагах. Злоўлены гулец заводзіцца ў круг і робіцца «шпаком».
Новы «шпак» можа скакаць на адной назе, правай або левай, і ўсе «конікі» павінны перамяшчацца такім жа спосабам. «Конік» лічыцца злоўленым, калі шпак дакранецца да яго рукой. Гульня заканчваецца, калі ўсе гульцы збяруцца ў сярэдзіне круга.
Заўвага: «шпак» не мае права мяняць спосаб перамяшчэння пасля выхаду з круга, а конікам нельга выходзіць за мяжы пляцоўкі.
Месца правядзення: пляцоўка.
Педагагічнае значэнне: удасканальваць навыкі бегу, змяняючы тэмп і напрамак, выхоўваць смеласць, сумленнасць.
Дзеці выбіраюць Дзеда Мароза па лічылцы:
Дзед Мароз,
Дзед Мароз
Бабу снежную прынёс,
Баба, баба, снегавуха,
Не хапай мяне за вуха!
Пасля гэтых слоў гульцы разбягаюцца па пляцоўцы. Дзед Мароз бяжыць за імі і імкнецца дакрануцца да каго-небудзь рукой — замарозіць. Замарожаны павінен спыніцца, расставіць рукі ў бакі і замерці. Гульня заканчваецца, калі будуць замарожаны ўсе дзеці. Затым выбіраюць новага Дзеда Мароза і пачынаюць гульню спачатку.
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Педагагічнае значэнне: практыкаваць у безе, ва ўменні дзейнічаць па сігнале, хутка арыентавацца ў навакольным прасторы, развіваць увагу
Дзеці сядзяць у крузе на кукішках. Гэта «гарлачыкі». Па крузе ходзіць «пакупнік» і спыняецца каля каго-небудзь.
П а к у п н і к. Колькі каштуе гэты гарлачык?
Д з і ц я.
За гарлачык гэты
Дай нам зусім крышку:
Каб ніколі не хварэць —
Маннай кашы лыжку.
Пасля гэтых слоў дзіця-«гарлачык» паднімаецца на ногі і бяжыць па крузе ў адным напрамку, а «пакупнік» — яму насустрач. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца «пакупніком».
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Інвентар: флажок.
Педагагічнае значэнне: практыкаваць навыкі бегу з лоўлей і ўхіленнем, уменне хутка арыентавацца ў навакольнай прасторы, развіваць спрыт.
На зямлі малююць круг дыяметрам 2 м так, каб яго можна было бачьшь здалёк. У сярэдзіну ставяць флажок. На адлегласці 10—15 м ад круга дзеці строяцца ў шарэнгу. Па лічылцы:
Скакаў верабей па сцяне,
Зламаў ножку — цяжка мне!
Вераб'іха скача
Ды па ножцы плача.
Верабей, верабей,
Не дзяўбі канапель:
Ні маіх, ні сваіх,
Ні суседзей маіх!
Адгукніся, верабей,
Вылятай у круг хутчэй! —
дзеці выбіраюць «вераб'я» і разбягаюцца па пляцоўцы, а той, каму выпала быць «вераб'ём», ловіць іх. Той, каго зловяць, дапамагае «вераб'ю» лавіць астатніх. Гульцы могуць адпачыць, калі схаваюцца ў круг, але затрымлівацца там доўга нельга (не больш за адну мінуту). Гульня заканчваецца, калі ўсе дзеці будуць злоўлены.
Заўвага: выбегшы з круга, нельга тут жа вяртацца назад.